ПАРО́НІМАЎ СЛО́ЎНІК,
тып тлумачальнага слоўніка, які змяшчае аднакарэнныя словы, што маюць марфемнае і гукавое падабенства, але выражаюць розныя сэнсавыя паняцці (паронімы; гл. Паранімія). Напр., «Слоўнік паронімаў сучаснай рускай мовы» Ю.А.Бельчыкава і М.С.Панюшавай (1994). Паранімічны рад звычайна складаецца з 2 слоў, часам у яго ўваходзяць і 3—4 словы («давераны—даверлівы—даверны», «дублет—дуплет—дублікат—дубальт»). У бел. лексікаграфіі першая спроба стварэння П.с. — слоўнік «Цяжкія выпадкі ўжывання блізкіх па гучанні слоў; (Слоўнік паронімаў беларускай мовы)» С.М.Грабчыкава (1977; уключае больш за 1600 слоў). На аснове гэтага слоўніка ім жа складзены «Слоўнік паронімаў беларускай мовы» (1994; уключае больш за 3300 слоў). Міжмоўнае ўзаемапранікненне ў галіне аманіміі, параніміі і полісеміі адлюстравана ў слоўніку «Міжмоўныя амонімы і паронімы» Грабчыкава (1980; 550 рус.-бел. аманімічных і паранімічных пар).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994.
Л.П.Кунцэвіч.
т. 12, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)